Белорусский язык

Фанетыка. Арфаэпія. Графіка
Алфавіт

Графіка (ад грэч. grafo — ‘пішу’) — раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца суадносіны літар і гукаў, а таксама сукупнасць графічных сродкаў для перадачы на пісьме вуснага маўлення.

Літары — гэта графічныя знакі, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння на пісьме гукаў. Графіка разглядае, якія гукавыя значэнні маюць асобныя літары, як яны чытаюцца. Асноўным пытаннем графікі, такім чынам, з’яўляецца ўстанаўленне адносін паміж літарамі алфавіта і гукавой сістэмай мовы.

Беларускае пісьмо, як і пісьмо многіх іншых народаў, гукавое. Яго асноўнымі элементамі з’яўляюцца літары, якія служаць для графічнай перадачы гукаў. Гукаў у мове значна больш, чым літар. Таму ў беларускай мове ёсць пэўныя правілы, якія ўстанаўліваюць суадносіны паміж гукамі і літарамі.

Алфавіт — гэта сукупнасць знакаў (літар), прынятых у пісьмовай практыцы і размешчаных у пэўным парадку. Слова алфавіт утворана ад назвы дзвюх грэчаскіх літар: alpha — ‘альфа’ і beta — ‘бэта’ (навагрэч. vita — ‘віта’). У маўленчай практыцы ўжываецца таксама слова азбука, якое ўтварылася ад першых дзвюх літар кірылічнага алфавіта — аз (а) і букі (б). Парадак літар у алфавіце ўмоўны. Аднак гэты парадак з’яўляецца ўстойлівым і абавязковым, бо мае практычнае значэнне: паводле алфавіту складаюцца розныя спісы, размяшчаюцца словы ў слоўніках, каталогах, картатэках.

У сучасным беларускім алфавіце 32 літары: 10 — для абазначэння галосных гукаў, 21 — для абазначэння зычных. Кожная з літар мае чатыры графічныя формы: прапісную (вялікую) і радковую (малую), друкаваную і рукапісную.

Да графічных сродкаў мовы, акрамя літар, яшчэ адносяць знак націску, злучок (дэфіс), знакі прыпынку, апостраф. Розныя матэматычныя знакі, хімічныя формулы, малюнкі на шыльдах, значкі для абазначэння відаў спорту, дарожныя знакі і ўказальнікі з’яўляюцца дапаможнымі сродкамі перадачы інфармацыі.

Літара — графічны знак алфавіта, які звычайна абазначае пэўны гук.

Паводле суадносін з галоснымі і зычнымі гукамі мовы літары падзяляюцца на літары галосных і літары зычных гукаў.

Галоснымі называюцца літары, якія абазначаюць галосныя гукі мовы. У сучаснай беларускай мове галосных гукаў шэсць: [а], [о], [у], [ы], [і], [э], а галосных літар — дзесяць: а, о, у, ы, і, э, е, ё, ю, я.

Галосныя літары а, о, у, ы, э — няётавыя. У пачатку слова і пасля цвёрдых зычных яны абазначаюць гукі [а], [о], [у], [ы], [э] і цвёрдасць папярэдняга зычнага: арэна, вугал, рука, дымавы, тыгровы, рэха, эшалон, урна, формула (літара ы ў пачатку слова не ўжываецца).

Галосныя е, ё, ю, я, і — ётавыя. Пасля зычных яны абазначаюць галосныя гукі [э], [о], [у], [а], [і] і мяккасць папярэдняга зычнага: левы [л’эвы], лес [л’эс], мёд [м’от], сюжэт [с’ужэт], бяроза [б’ароза], ліпа [л’іпа].

Ётавыя літары е, ё, ю, я, і абазначаюць два гукі: [йэ], [йо], [йу], [йа], [йі] у наступных выпадках:
  • у пачатку слова: ехаць [йэхац’], ёдавы [йодавы], Юля [йул’а], ястраб [йастрап], іней [йін’эй];
  • пасля галосных: паехаць [пайэхац’], маёнтак [майонтак], зямлёю [з’амл’ойу], дзеяслоў [дз’эйаслоў], краіна [крайіна];
  • пасля зычнага ў: звіць ­ саўе [саўйэ], абвіць ­ абаўю [абаўйу], абаўём [абаўйом], два ўюна [ўйуны], здароўя [здароўйа], салаўі [салаўйі];
  • пасля апострафа і раздзяляльнага мяккага знака: абехаць [абйэхац’], кап’ё [капйо], разюшаны [разйушаны], п’ю [пйу], разятраны [разйатраны], абінелы [абйін’элы], паштальён [паштал’йон], калье [кал’йэ], налью [нал’йу].

Зычнымі называюцца літары, якія абазначаюць зычныя гукі. Для абазначэння зычных гукаў у беларускім алфавіце ёсць 21 літара: б (бэ), в (вэ), г (гэ), д (дэ), ж (жэ), з (зэ), й (і нескладовае), к (ка), л (эл), м (эм), н (эн), п (пэ), р (эр), с (эс), т (тэ), ў (у нескладовае), ф (эф), х (ха), ц (цэ), ч (чэ), ш (ша). Гукі [дж], [дз], [дз’] абазначаюцца на пісьме дзвюма літарамі, якія называюцца дыграфамі (ад грэч. di — ‘двойчы’ і grafo — ‘пішу’): хаджу, ксяндзы, дзверы, падзяка.

Адной літарай могуць абазначацца гукі рознай якасці. Так, літарай ж у беларускай мове абазначаюцца гукі [ж] (нажы [нажы]) і [ш] (нож [нош]).

Літара мяккі знак (ь) сама па сабе гука не абазначае, а служыць для перадачы на пісьме мяккасці зычных (пісьмо, дзень, соль, конь) або раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным (медальён, рэльеф, лье, барэльеф).

Апостраф (’) не з’яўляецца літарай. Гэты пісьмовы знак паказвае, што наступныя літары е, ё, ю, я, і абазначаюць два гукі ([йэ], [йо], [йу], [йа], [йі]): зява [зйава], верабі [в’эрабйі], надворе [надворйэ].