Белорусский язык

Фанетыка. Арфаэпія. Графіка
Нормы беларускага літаратурнага вымаўлення

Арфаэпія (ад грэч. orthos — ‘правільны’ і epos — ‘мова, маўленне’) — сукупнасць правілаў (нормаў) вымаўлення асобных гукаў і іх спалучэнняў, а таксама раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца гэтыя правілы. Правільнае вымаўленне з’яўляецца абавязковым для ўсіх, хто карыстаецца літаратурнай мовай.

Няправільнае вымаўленне слова ці нават асобнага гука зацямняе сэнс выказвання, перашкаджае пранікнуць у яго сэнс. Правільнае літаратурнае вымаўленне садзейнічае хуткаму ўспрыманню пачутага, робіць лёгкім працэс моўных зносін. Такое вымаўленне — паказчык не толькі культуры маўлення, але і агульнай культуры чалавека.

Нярэдка ў маўленчай практыцы сустракаюцца адхіленні ад нормаў літаратурнага вымаўлення. Такія адхіленні выкліканы:
  • уплывам дыялектных асаблівасцей пэўных гаворак: балот[о], жыт[о], добр[о] замест балот[а], жыт[а], добр[а]; мыў[са], купаў[са] замест мыў[са], купаў[са] і г.д.;
  • уплывам правапісу: цвёрдае вымаўленне гукаў [з], [с] перад мяккімі зычнымі: [цв’ік], [см’эх] замест [ц’в’ік], [с’м’эх]; [п’асчаны] замест [п’ашчаны]; [гарадск’і] замест [гарацк’і] і інш.;
  • уплывам рускай мовы: мяккае вымаўленне зацвярдзелых зычных: [ноч’] замест [ноч], [ч’орны] замест [чорны]; вымаўленне выбухнога [г] замест [ɣ] фрыкатыўнага і г.д.
Пад націскам усе галосныя гукі ў беларускай мове вымаўляюцца выразна: р[а]дасны, чырв[о]ны, ц[э]ны, [сі]ні, с[у]мны.

Націскныя [о], [э] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных чаргуюцца з ненаціскным [а]: ж[о]ўты — ж[а]ўце́ць, д[о]м — д[а]мы́, ац[э]нка — ац[а]ні́ць.

У некаторых словах іншамоўнага паходжання аканне не перадаецца: мат[э]ма́тыка, ш[э]дэ́ўр, д[э]по́ і інш.

Націскныя [о], [э] пасля мяккіх зычных чаргуюцца ў першым складзе перад націскам з [а]: [зэ]лень — [за]лёны, [мо]д — [ма]до́вы, [нэ]сці — [на]су́, [б’эз] падрыхтоўкі — [б’аз] крыўды, [н’э] адчайвацца — [н’я] слухаць.

У некаторых словах іншамоўнага паходжання яканне не перадаецца: [м’э]та́л, [к’э]фі́р, [с’э]ку́нда, [л’э]ге́нда і інш.

Не пад націскам галосныя [і], [ы], [у] не змяняюцца і вымаўляюцца даволі выразна: з[і]мава́ць, в[ы]да́тна, с[у]му́ю.
Лiтара [і] можа абазначаць у розных становішчах розныя гукі:
  •  [йі] у пачатку слова пад націскам, у сярэдзiне i на канцы слова пасля галоснага, апострафа, мяккага знака, пасля ў: іней [йі́н’эй], сваіх дзяцей [свайі́х], без сям’і [с’амйі́], Ільіч [іл’йі́ч], салаўі [салаўйі́];
  •  [і] у пачатку слова не пад націскам: імя [ім’а], Ірына [ірына], інтэлект [інтэл’экт], іржышча [іржышча];
  •  [й] у пачатку слова, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны: вазьмі іголку [ваз’м’і йголку], дачка Івана [дачка йвана], яна ішла [йана йшла]; такім жа чынам вымаўляецца злучнік і: гукі і літары [гук’і й л’ітары], яна і я [йана й йа];
  •  [ы] пасля слова на цвёрды зычны (акрамя заднеязычных г, к, х): з іголкай [зыголкай], ад іскры [адыскры], ён ішоў [йон ышоў], але: Полацк і Віцебск [полацк і в’іц’эпск], не мог і марыць [н’а мох і марыц’]; у складаных словах: бортінжынер [бортынжын’эр], спортінвентар [спортынв’энтар].
Зычныя гукі вымаўляюцца выразна перад галоснымі: [чырвоны], [ц’оплы], [хац’эц’].
Зацвярдзелыя зычныя [ж], [ш], [дж], [ч], [р], [ц] заўсёды вымаўляюцца цвёрда: рака, цэгла, чорны, ноч, дажджы, жоўты, жалуды, шосты, шэры.
Губныя зычныя [б], [п], [м], [ф] на канцы слова і перад [й] вымаўляюцца цвёрда: восе[м], голу[п], се[м], п’ю [пйу].
Гукі [дж] і [дз’] у беларускай мове вымаўляюцца як адзін непадзельны гук: [джала], [дз’орск’і], [дожджык].
Гук [ɣ] у беларускай мове фрыкатыўны, працяглы, у адрозненне ад выбухнога [г] у рускай мове: горад, гэта, агарод, гадзіннік, нагрэць, згатаваць.

Звонкія гукі на канцы слова і перад глухімі вымаўляюцца як парныя ім глухія: горад — гора[т], грыб — гры[п], медзь — ме[ц’], казка — ка[с]ка, лодка — ло[т]ка, адпусціць — а[т]пусціць, ножка — но[ш]ка.

Глухія зычныя перад звонкімі ў сярэдзіне слова вымаўляюцца як парныя ім звонкія: малацьба — мала[дз’]ба, футбол — фу[д]бол, просьба — про[з’]ба.

Свісцячыя [з], [с] перад мяккімі зычнымі (за выключэннем [ɣ’], [к’], [х’]) вымаўляюцца мякка: смелы [с’м’элы], збіць [з’б’іц’], песня [п’эс’н’а], бярэзнік [б’арэз’н’ік], але: скінуць [ск’інуц’], схібіць [сх’іб’іц’], згінуць [зг’інуц’], скіба [ск’іба].
Асаблiвасцi вымаўлення некаторых спалучэнняў зычных:
  • Свісцячыя перад шыпячымі вымаўляюцца як шыпячыя: сшытак [шшытак], зжаць [жжац’].
  • Шыпячыя перад свісцячымі вымаўляюцца як свісцячыя: возьмешся [воз’м’эс’с’а], мыешся [мыйэс’с’а].
  • Спалучэнні зычных дч, тч вымаўляюцца як падоўжаны гук [ч]: дакладчык [даклаччык], спадчына [спаччына], пераплётчык [п’эрапл’оччык].
  • Спалучэнні зычных дц, тц, чц вымаўляюцца як падоўжаны [ц]: селядцы [с’эл’аццы], па кладачцы [кладаццы], у вопратцы [вопраццы].
  • Спалучэнне зычных дс вымаўляецца як гук [ц]: гарадскі [гарацк’і], людскі [л’уцк’і].
  • Спалучэнні зычных жс, шс, зс вымаўляюцца як [с]: нясвіжскі [н’ас’в’іск’і], добрушскі [добруск’і], французскі [француск’і].
  • Спалучэнне чн вымаўляецца нязменна: ручнік [ручн’ік], яечня [йайэчн’а].